“Ці дома-дома сам пан гаспадар?” – яшчэ адна беларуская народная песня. Яна таксама абрадавая. Пяецца гуртом калядоўшчыкаў (больш дакладна, шчадравальнікаў) пры абыходзе хатаў на Шчадрэц.
Але што такое Шчадрэц (ці Шчодрык)? Ён інакш можа называцца “Багатая каляда” ці “Багатая куцця”. Гэта святочны вечар / дзень праз 7 дзён ад сучасных “афіцыйных” Калядаў – “Беднай каляды”. У народным календары гэты дзень ёсць сярэдзінай (!) перыяду Зімовых святак (ці “Калядаў”). У гэты час людзі за святочным сталом ядуць ужо не посную ежу, а больш “багатую”. Адпаведна, і калядаваць (шчадраваць) практычней менавіта ў гэты час: можна атрымаць чаго “сытнейшага”.
Вышэйапісанае ўласціва прынамсі для праваслаўнай часткі Беларусі. Але, канечне, ні Шчодрык, ні Каляды агулам ня маюць ніякага дачынення да хрысціянства.
Песню я ведаю з запісу з Лельчыцкага раёна. Гэта ўсходняе беларускае Палессе. Там у сутнасці свая мова, але я тэкст беларусізаваў, наколькі падавалася магчымым:
Ці дома-дома сам пан гаспадар?
* Шчодры вечор, [сам пан гаспадар,]
* Шчодры вечор, светы Васіле(й)
Ой, няма, няма — ў гуменцы сядзіць,
Ў гуменцы сядзіць, пшаніцу вее.
Ой, хадзема, мо, ды й памогамо —
Ці ня дасць жа й нам хоць па гарчыку?
Ці дома-дома ды яго жана?
Ой, няма, няма — ў пякарні сядзіць,
Ў пякарні сядзіць, пірагі пячэ.
Ой, хадзема, мо, ды й памогамо —
Ці ня дасць жа й нам хоць па пірагу?
Гэтыя словы адпавядаюць агульнай скіраванасці песняў калядоўшчыкаў: пажаданне гаспадарам дабрабыту, “чароўная” дапамога ім і патрабаванне ахвяры (пачастунку) наўзамен.
У дадзеным выпадку спевакі “праграмуюць” такую карціну, нібыта гаспадар і гаспадыня, да якіх яны прыйшлі, у дадзенае імгненне займаюцца гаспадарчымі працэсамі (што, найхутчэй, ня так): гаспадар нібыта вее пшаніцу, а гаспадыня нібыта пячэ пірагі. А калядоўшчыкі прапануюць ім нейкім чынам “памагчы” – песнямі, пажаданнямі, “чарамі”. І намякаюць, што хочуць узнагароджанне за гэта.
Для мяне гэта аналагічна ІТ-аўтсорсу. Прадстаўнікі кампаніі прыйшлі да патэнцыйнага кліента і прапаноўваюць аптымізаваць яму бізнэс-працэсы з дапамогай нейкіх праграмных сістэмаў. 😄 “У вас усё ўзляціць!“ Зразумела, не задарма.
У гэтым відэа ўмоўна паказана, як пасля чароўнай “аптымізацыі” гаспадар раптам бачыць, што гумно ператварылася ў зернясховішча з цэлай гарой зерня. А “пякарня”, у якой гаспадыня нібыта нешта пякла, ператварылася ў цэлы хлебабулачны цэх.
1 view
4595
1481
12 months ago 00:03:24 30
Borys Shchuka - The Crown and the Ring (Lament of the Kings) (Manowar cover)