Дзмітры Плакс, паэт, перакладчык, драматург, чытае верш Алеся Разанава “Запавет“.
#незагаснуцьзоркіўнебе - паэтычная хрэстаматыя да 90-годдзя заснавання Саюза беларускіх пісьменнікаў
👉 Усе творы
🔳 Дзмітры Плакс — паэт, перакладчык, драматург, музыка, рэжысёр, журналіст, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў 1970 г. у Мінску. Удзельнік арт-групы “Беларускі клімат“, заснаванай у 1987 годзе. З 1992 года супрацоўнічаў з “БДГ” (“Беларуская дзелавая газета“), з 1994-га — з газетай “Имя”. З 1997 года стала жыве ў Стакгольме, Швецыя. З 1999 года супрацоўнічае са Шведскім Радыё, восенню 2004 года на міжнародным канале Шведскага Радыё “Радыё Швецыя“ заснаваў Беларускую службу і фактычна ўзначальваў яе да закрыцця восенню 2009 года. У 2009—2010 гадах — прадзюсар, вядоўца праграм Рускай службы «Радыё Швецыя». З 2010 года — прадзюсар, драматург у Радыётэатры “Шведскага Радыё“. Сябра Шведскага ПЭНа, Шведскага саюза пісьменнікаў. Кіраўнік Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.
Аўтар кніг “Дневник Сая Туомбли” (2001), “Жара” (2004), “Cy Twomblys dagbok” (2006), “Трыццаць тэкстаў” (2009), “OM” (2009), “re citat iver“, “Если бы я был” (2011), “Peter” (2020).
🔲 Алесь Разанаў (1947-2021) — паэт, перакладчык, мысляр. Намінант на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Адзін з самых уплывовых паэтаў Беларусі.
Нарадзіўся на Берасцейшчыне. Вучыўся на філфаку БДУ, пасля хваляванняў 1968 г. быў вымушаны давучвацца ў Брэсце. Працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, часопісе “Крыніца”.
Друкавацца пачаў яшчэ школьнікам, з першых жа падборак у друку стала зразумела, што ў паэзію прыйшоў сапраўдны талент. Мадэрнісцкая паэзія Разанава канстраставала з савецкай літаратурай, таму многія яго творы зазнавалі цэнзурныя перашкоды, кнігі друкаваліся рэдка. Стварэнне аўтарскіх жанраў версэтаў, вершаказаў, зномаў, пункціраў, квантэмаў не адразу было прынята крытыкай. Здольнасць да моў дала Разанаву магчымасць рэалізавацца як перакладчыку літоўскай, латышскай, грузінскай паэзіі. Найбольш разгорнута як паэт пачаў выказвацца ў час “перабудовы“ і свабоды слова 1990-х, калі выйшлі кнігі “Вастрыё стралы”, “У горадзе валадарыць Рагвалод”, “Паляванне ў райскай даліне”, “Рэчаіснасць”, “Танец з вужакамі” і інш.
Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Фота на вокладцы: Аліна Гармаш
#беларускаялітаратура #алесьразанаў
Надломы — не яму надломы,
пярун — і гэта не яму...
Ўздымацца дрэву маладому,
мацнець
праз лета і зіму.
I захаваць не проста звесткі,
а запавет на ўсе часы:
тады выстойваюць падлескі,
калі выстойваюць лясы.