Народная абрадавая песня “Радося“ (вёска Падлессе, Ляхавіцкі раён)

Матэрыял падрыхтаваны бібліятэкарам Падлескай сельскай бібліятэкі Ларысай Глеб. Песня “Радося” складзена на аснове абраду “Каляды”. Яна складаецца з 46 слупкоў, кожны другі радок паўтараецца. Шчадроўнікі хадзілі па хатах з гэтай песняй, якая ўключае ў сябе уступ, дзе яны бачаць хату і двор гаспадара, ўсхваляючы яго, дзівячыся хараству і незвычайнасці. Далей калядоўшчыкі расказваюць пра працавітасць гаспадара і яго хлеў, гумно і свіран. Слова Божае вельмі часта гучыць у песні, і менавіта ад імя Божага ідуць пажаданні гаспадару і яго сям’і. Пажадані дабрабыту, багацця, здароўя і ўсіх выгод – гэта наступная частка песні, якая павольна пераходзіць у іншую частку, дзе калядоўшчыкі за свае пажаданні ад “багатага” гаспадара чакаюць узнагароду ў выглядзе пачастункаў. У Падлессі людзі лічыліся заможнымі, працавітымі і любілі спяваць. Песня прасякнута мясцовымі дыялектамі і іншым каларытам. У радка “Радуйся земля, Бог свет народзь” дваякае значэнне. Здаецца, што павінны радавацца святу і зямля, і Бог, і народ, але тут значна глыбокі сэнс: “Бог Свет народзь” - гэта значыць Бог свет нарадзіў. Песня да гэтага часу спяваецца ў вёсцы Падлессе. Лічыцца, што шчадроўнікі абавязкова павінны прыйсці ў хату ў гэтае свята, інакш гэта дрэнны знак. Песня запісана ад Таццяны Мікалаеўны Кумейша (1934 г. н.) і Ірыны Іосіфаўны Федчык (1944 г. н.), якія навучыліся спяваць ад жыхаркі в. Падлессе Коктыш Фядоры Якаўлеўны (1906 г. н.).
Back to Top